Да 130-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Круталевіча

Да 130-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Круталевіча

Віталь Аніська

14 красавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Прохаравіча Круталевіча (14.04.1894 – 24.11.1937) – чалавека, які адыграў найважнейшую ролю ў перыяд станаўлення шашачнага руху ў Беларусі стагоддзе таму. Таксама ён вядомы як адзін з распрацоўшчыкаў беларускай навуковай тэрміналогіі, матэматык і выкладчык.

Дзякуючы працы даследчыкаў мы ведаем пра жыццё Круталевіча даволі шмат. Гісторык Ігар Барынаў вывучаў яго справы ў маскоўскіх архівах. Пра навуковую і выкладчыцкую дзейнасць пісаў мовазнавец Дзмітрый Дзятко. Даволі грунтоўны артыкул, прысвечаны Аляксандру Круталевічу, ёсць у беларускай Вікіпедыі.

У гэтым матэрыяле прывяду толькі асноўныя звесткі з яго біяграфіі, свае знаходкі апошняга часу, а таксама ўсё, што вядома пра шашачную дзейнасць Круталевіча.

Аляксандр Круталевіч нарадзіўся 2 (14) красавіка 1894 года ў Варшаве ў сям’і акалодачнага наглядчыка гарадской паліцыі Прохара Рыгоравіча Круталевіча (паходзіў з сялян Ігуменскага павета) і Алены Якаўлеўны Маразоўскай. З 1911 года вучыўся ў Мінскай прыватнай гімназіі С. П. Зубакіна і К. О. Фальковіча. Пасля яе заканчэння ў 1914 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.

27 красавіка (10 мая) 1915 года ў маскоўскай Георгіеўскай царкве на Усполлі Круталевіч абвянчаўся з Нінай Пракаповіч – дачкой адстаўнога падпалкоўніка Фаўста Пракаповіча, ураджэнца Мінскай губерніі.

Запіс аб шлюбе ў метрычнай кнізе (сэрвіс Яндэкса «Пошук па архівах»)

Вясной 1916 года ў прызыў студэнтаў Круталевіча накіравалі ў Чугуеўскае ваеннае вучылішча, якое ён закончыў праз пяць месяцаў у чыне прапаршчыка. Пасля служыў у запасных палках, а з чэрвеня 1917 года ваяваў на Румынскім фронце Першай сусветнай вайны. У кастрычніку Круталевіч быў узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава трэцяй ступені з мячамі і бантам. За савецкім часам сваю службу ў царскай арміі ён хаваў, як і праўду пра бацькоў – у анкетах пісаў, што паходзіць з сялян.

У студзені 1918 года Круталевіч быў звольнены з арміі з-за хваробы. Ён вярнуўся ў Маскву, у ліпені аднавіўся ва ўніверсітэце. Аднак ужо ў верасні забраў дакументы і разам з малодшым братам Барысам пераехаў у акупаваны немцамі Мінск.

Аляксандр Круталевіч пачаў працаваць настаўнікам у школах горада. Хутчэй за ўсё, працягваў ён гэта рабіць і ў перыяд, калі Мінск быў заняты палякамі (08.08.1919 – 11.07.1920). Пасля іх сыходу ўладкаваўся ў аддзел народнай адукацыі пры Мінгубрэўкаме (са жніўня – Камісарыят асветы), дзе працаваў намеснікам загадчыка статыстычнага аддзела. У пачатку лістапада 1920 года згодна з прадпісаннем Кампрацы Круталевіч быў адкамандзіраваны ў Цэнтральнае статыстычнае бюро БССР, дзе пачаў працаваць статыстыкам-арганізатарам. Пазней ён стаў загадчыкам секцыі статыстыкі «народного здравия», а з 1 красавіка 1921 года да 1 лістапада 1922 года займаў пасаду памочніка і намесніка загадчыка Цэнтрстатбюро Міхаіла Шкубера. Раней пра гэтую старонку біяграфіі Круталевіча вядома не было.   

Адначасова з працай статыстыкам Аляксандр Прохаравіч працягваў выкладаць у мінскіх школах – 70-й першай ступені, 4-й і 7-й другой ступені. Цікава, што ў першай з іх ён працаваў разам з Канстанцінам Фальковічам, а 4-я школа – гэта былая прыватная гімназія Зубакіна і Фальковіча, выпускніком якой Круталевіч быў. Размяшчалася тады гэтая школа па вул. Савецкай, 95. Круталевіч жыў непадалёк – у доме № 105 па гэтай жа вуліцы (сёння на яго месцы – частка пр. Незалежнасці насупраць д. 28), які належаў сваячцы жонкі Надзеі Пракаповіч. Леанід Маракоў у кнізе «Галоўная вуліца Мінска» піша, што дом быў падзелены на дзве кватэры – 6-пакаёвую (нацыяналізавана) і 3-пакаёвую, якая засталася Пракаповічам. Напэўна, у гэтай кватэры плошчай каля 57 м² з кухняй без электрычнасці разам з дзвюмя іншымі сем’ямі жыла і сям’я Круталевіча. Дарэчы, у суседнім будынку (Савецкая, 107) размяшчаўся Беларускі педагагічны тэхнікум, у якім Круталевіч выкладаў з 1922 года.

Аляксандр Круталевіч зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку беларускай навуковай тэрміналогіі па алгебры, геаметрыі, фізіцы, хіміі, касмаграфіі і батаніцы. З 1921 года ён уваходзіў у склад навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР, быў членам Інстытута беларускай культуры (пазней рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР), навуковым сакратаром яго педагагічнай секцыі. Круталевіч – аўтар падручнікаў па алгебры, трыганаметрыі, методыцы матэматыкі, статыстыцы. Таксама, добра ведаючы замежныя мовы, ён перакладаў навуковыя кнігі і артыкулы з уласнай рэдакцыяй.

Восенню 1925 года Аляксандр Круталевіч пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе асістэнта кафедры методыкі матэматыкі педагагічнага факультэта. Праз два гады стаў дацэнтам кафедры. У БДУ Круталевіч працаваў да пачатку 1932 года, калі перайшоў у Беларускі дзяржаўны энергетычны інстытут. У той час ён працаваў і ў Беларускім аўтадарожным вучэбным камбінаце.

Дакладных звестак пра некалькі наступных гадоў жыцця Аляксандра Круталевіча пакуль няма. Напэўна, як мінімум да 1934 года ён заставаўся ў Мінску. Дзмітрый Дзятко пісаў, што ў 1930-х Круталевіч верагодна узначальваў кафедру матэматыкі ў Бухарскім інстытуце, але крыніцу гэтай інфармацыі не прывёў.

14 снежня 1936 года Аляксандр Круталевіч быў арыштаваны. 1 лістапада 1937 года ўнесены ў расстрэльны спіс, зацверджаны Сталіным і Молатавым, 24 лістапада таго ж года расстраляны ў Мінску.

Па спасылцы можна азнаёміцца са сканамі дакументаў, якія тычацца жыцця Аляксандра Круталевіча.

Шашкі

Навучыў гуляць Аляксандра ў шашкі, напэўна, бацька, які па ўспамінах Аркадзя Ракітніцкага быў адным з удзельнікаў шашачных баталій на Лібава-Роменскай чыгунцы ў Мінску ў дарэвалюцыйны час. Гуляў Круталевіч няблага, хаця і не на такім узроўні, як яго брат Барыс, першы беларускі шашачны майстар. Аляксандр стаў сярэбраным прызёрам першага чэмпіянату Мінска, што закончыўся вясной 1923 года. Браты Круталевічы былі персанальна запрошаны ў першы чэмпіянат СССР па рускіх шашках, які адбыўся з 26 жніўня па 9 верасня 1924 года ў Маскве. Аляксандр стаў 14-м з 20 удзельнікаў і атрымаў першую катэгорыю – наступную пасля майстра (разрад «кандыдат у майстры спорту» ў шашках увялі толькі ў 1938 годзе). Нягледзячы на не вельмі высокае месца, ён зрабіў па адной нічыёй у партыях з Мядковым і Кукуевым, якія занялі першае і другое месцы адпаведна.

У чэрвені 1925 года ў Мінску праходзіў першы чэмпіянат Беларусі. Аляксандр Круталевіч няўдала ў ім стартаваў і выбыў. Пасля заканчэння турніру ён выклікаў на матч пераможцу Іллю Гардона, але прайграў яму з лікам +4 –6. Праз некалькі месяцаў Круталевіч прыняў удзел у другім першынстве Савецкага Саюза, дзе заняў 22-е месца.

Удзельнікі ІІ чэмпіянату СССР. Аляксандр Круталевіч сядзіць крайні справа ў другім шэрагу з кіем і канацье

Пасля гэтага ў сур’ёзных спаборніцтвах за дошкай Круталевіч ужо не гуляў, але працягнуў удзельнічаць у турнірах па перапісцы, дзе ён быў адным з мацнейшых савецкіх ігракоў 1920-х гадоў. Круталевіч перамог (разам з П. Слёзкіным) у першым у СССР турніры па перапісцы, арганізаваным С. Голубевым пры маскоўскім часопісе «Красная Нива» (1924-1925 гг.), а ў першым турніры часопіса «64» падзяліў трэцяе месца (1925-1927 гг.). Таксама трэцім ён стаў у другім турніры, арганізаваным С. Голубевым (1925-1928 гг.). У другой палове 1930 года прайшоў суперматч (у кожнай камандзе было па 75 чалавек) па перапісцы РСФСР – БССР – УССР. Круталевіч быў другім нумарам беларускай зборнай і набраў паўачка ў дзвюх партыях з ураджэнцам Гомеля маскоўскім майстрам Барысам Міроціным.

Восенню 1924 года Аляксандр Круталевіч увайшоў у склад Усебеларускай шахматна-шашачнай секцыі, дзе адказваў за шашкі. Такім чынам, ён быў першым кіраўніком беларускіх шашак. У тыя гады Круталевіч няспынна займаўся развіццём і папулярызацыяй шашачнай гульні ў Мінску: вёў гурткі, арганізоўваў турніры і шашачныя вечары ў рабочых клубах, даваў сеансы адначасовай гульні. У тым ліку ва ўстановах, дзе ён сам працаваў. Так, Круталевіч арганізаваў гурткі пры 4-й школе (у канцы 1924 года – імаверна, гэта першы школьны гурток у Беларусі) і ў «Кутку навукоўцаў» у Доме працаўнікоў асветы, праводзіў турніры сярод слухачоў Белпедтэхнікума, вёў тэарэтычныя заняткі і даваў сеансы на агульнаадукацыйных курсах.

Таксама Круталевіч рэдагаваў шашачныя аддзелы як мінімум у чатырох беларускіх выданнях: газеце «Савецкая Беларусь» з 1923 па 1926 гады (падрабязней пра гэты аддзел можна пачытаць тут), літаратурным дадатку да газеты «Звезда» (№№ 2/3 і 4/5 1923 г.), бюлетэні Вышэйшага Савета фізічнай культуры Беларусі (№ 1/2 1925 г.) і часопісе «Фізкультурнік» (№ 7 1926 г.). У іх ён даваў шмат партый, эцюдаў, задач, канцовак і навінаў шашачнага жыцця Беларусі.

А першы свой шашачны аддзел Круталевіч пачаў весці яшчэ ў верасні 1915 года ў петраградскім студэнцкім часопісе «Вешние воды» падчас вучобы ў Маскоўскім універсітэце. Пакуль удалося знайсці толькі першы выпуск аддзела, эпіграфам да якога Круталевіч абраў радкі з паэмы Адама Міцкевіча «Шашкі» («Warcaby»).

У пачатку 1930-х гадоў Аляксандр Круталевіч адыходзіць ад шашачнай дзейнасці. Апошняя знойдзеная згадка пра яго ў беларускіх газетах адносіцца да 1934 года, калі Круталевіч па выніках турніру асветнікаў быў дапушчаны ў чэмпіянат Беларусі, але ўдзелу ў ім не прыняў.

Аляксандр Круталевіч сабраў каштоўную шашачную бібліятэку, у якой былі рэдкія выданні 19-га стагоддзя. Хутчэй за ўсё, уключала яна і шашачныя распрацоўкі і творы братоў Круталевічаў, табліцы турніраў і фатаграфіі. Пасля арышту ў 1936 годзе жонка Аляксандра Прохаравіча перадала яе сваяку мужа Аркадзю Ракітніцкаму. Мінскі шашыст Барыс Абрамаў згадваў, што гэтая бібліятэка ў апошнія гады жыцця Ракітніцкага была выкінута на сметнік падчас канфлікту з гаспадыняй кватэры, пакой у якой ён здымаў.

Па спасылцы – усе знойдзеныя на сёння партыі Аляксандра Круталевіча, многія з якіх ён пракаментаваў (не ўпэўнены, што ўсе партыі з Н.Н. былі насамрэч згуляны. Мяркую, такі прыём Круталевіч часам выкарыстоўваў, каб распавесці чытачам пра дэбютныя варыянты). Таксама вядомы два канчаткі партый і адзін эцюд А. Круталевіча.

Канчатак партыі, «Савецкая Беларусь», 1923 год № 256

1. bc5 ed6 (1. … bc7 2. cd6 ec5 3. ge7 fd2 4. he1 x) 2. ge7 db4 (2. … dd2 3. cd6 df6 4. de5 fd4 5. de7 x) 3. ed6 df6 4. hg5 hf4 5. de7 fd6 6. ha3 hg3 7. de5 gh2 8. gf8 x

Канчатак партыі Круталевіч А. – Кулічыхін А. (І турнір па перапісцы часопіса «64», 1925-1927 гг.), «64. Шахматы и шашки в рабочем клубе», 1930 год № 12

1. de5! (размен тры на тры прыводзіў да паражэння) 1. ... df4 (тое самае і на 1. … fd4) 2. ef2 ac3 3. fg3 =

Эцюд, «Савецкая Беларусь», 1924 год № 231

1. cd6 ee3 (1. … hf4 2. df8! x) 2. gf4 eg5 3. ed6 hc7 4. ah4 x

Report Page