Да 105-годдзя з дня нараджэння Веніяміна Гарадзецкага

Да 105-годдзя з дня нараджэння Веніяміна Гарадзецкага

Віталь Аніська
З групы vk.com «Москва: Мир шашек»

Веніямін Гарадзецкі нарадзіўся 13 красавіка 1919 года ў Бабруйску ў сям’і Сімы-Эйдле і Мойшэ-Дов Бера. У 1920 годзе падчас адступлення палякаў сям’я знаходзілася ў мястэчку Урэчча на Случчыне, дзе была імі абрабавана і збіта. Неўзабаве Гарадзецкія вярнуліся ў Бабруйск.

Насамрэч пры нараджэнні бацькі назвалі сына Беньямінам. Але імя яму не падабалася з-за сугучнасці з бабелеўскім бандытам Беняй Крыкам. І пасля Вялікай Айчыннай вайны Беньямін Беркавіч Гарадзецкі стаў Веніямінам Барысавічам. У тэксце я буду ўжываць звыклае нам імя.

У сям’і Гарадзецкіх любілі гуляць у шашкі. Спачатку выйграваў бацька, але потым яго пачаў перамагаць старэйшы сын Натан (пазней ён стаў вядомым шашачным кампазітарам і трэнерам). Веніямін жа ўдзельнічаў у сямейных баталіях у асноўным у якасці гледача.

Усё змянілася ў 1932 годзе, калі Гарадзецкі ў двары знайшоў кнігу Васіля Русо «Шашкі» і старанна яе вывучыў. У канцы 1933 года ў складзе каманды Бабруйска ён добра згуляў у першынстве Беларусі сярод школьнікаў і быў уключаны ў склад зборнай рэспублікі для удзелу ў першым шахматна-шашачным першынстве Савецкага Саюза, якое прайшло ў Ленінградзе на зімовых канікулах у студзені 1934 года. Кожная каманда складалася з двух шахматыстаў і двух шашыстаў. Зборная Беларусі згуляла даволі ўдала і заняла чацвёртае месца.

«Піянерская праўда» 1934 год № 6

У тым жа годзе Гарадзецкі выйграў чэмпіянат Бабруйска сярод дарослых, а таксама ўпершыню прабіўся ў фінал першынства Беларусі, дзе заняў 9-е месца з 14 удзельнікаў (па іншых звестках сваё месца ў фінале Веніяміну саступіў брат Натан). Па выніках гэтага турніру яму прысвоілі першую катэгорыю.

У чэрвені 1935 года канцоўка Гарадзецкага ўпершыню была апублікавана ў маскоўскім часопісе «64».

1. gf2 hg1 2. fg3 gb6 3. fe5! fd4 4. bc5 =

У пачатку 1936 года ў Ленінградзе адбылося другое першынство СССР сярод школьнікаў. На гэты раз каманды складаліся з двух шахматыстаў, шахматысткі і шашыста. Зборная Беларусі стала сёмай. На шашачнай дошцы Гарадзецкі ўпэўнена правёў увесь турнір і стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза. Вось што па вяртанні ў Бабруйск ён распавёў мясцовай газеце «Комуніст»:

– Атрымаць першае месца ў такім моцным складзе ігракоў было мне не так лёгка. Але к турніру я ўзмоцненна рыхтаваўся як у тэорыі, так і на практыцы. Я падрыхтаваў шмат новых варыянтаў ігры. Зрабіўшы ў першым туры выпадковую нічыю, я з астатніх 7 партый набраў 7 ачкоў.

Ужо тады быў заўважны аналітычны талент бабруйчаніна. У маі 1936 года ён разам з земляком, вядомым эцюдыстам Якавам Гордзіным, на старонках газеты «64» уступіў у тэарэтычную спрэчку з наймацнейшым шашыстам СССР таго часу Васілём Сокавым наконт партыі Цюнеў – Дрыгін. З яе дэталямі можна азнаёміцца тут.

Летам 1937 года Веніямін Гарадзецкі на выдатна закончыў 2-ю яўрэйскую сярэднюю школу Бабруйска і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падрабязна пра яго вучобу ў БДУ я пісаў раней.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, ф. 688, арк. 1

У першыя гады студэнцтва з-за занятасці вучобай Гарадзецкі займаўся шашкамі менш і нават на нейкі час быў пераведзены ў другую катэгорыю. Але ўжо з 1939 года ён стаў імкліва прагрэсаваць і хутка вырас у аднаго з мацнейшых беларускіх шашыстаў. У тым годзе Гарадзецкі выйграў чэмпіянат Мінска і ўпершыню стаў прызёрам першынства Беларусі, заняўшы трэцяе месца. Пры гэтым ён атрымаў яркую перамогу над гуляўшым у ім па-за конкурсам чэмпіёнам СССР Васілём Сокавым, які на той момант нікому не прайграваў на працягу трох з паловай гадоў. Пра гэтую партыю можна прачытаць тут.

У 1940 годзе Веніямін Гарадзецкі зноў перамог у першынстве Мінска, на гэты раз падзяліўшы першае месца з Хацкелем Ідэльсонам. Выйграў ён і першы ў Беларусі бальны турнір (разыгрываліся балы кандыдата ў майстры, якіх для прысваення гэтага разраду трэба было набраць тры), што адбыўся ў пачатку 1941 года.  

Праз некалькі месяцаў у Мінску прайшоў апошні даваенны чэмпіянат Беларусі. Гарадзецкі падзяліў у ім 1-5 месцы. Пазней мусіў адбыцца дадатковы матч-турнір для вызначэння пераможцы, але пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У час вайны Гарадзецкі працаваў у абарончай прамысловасці ў Сярэдняй Азіі. У 1944 годзе для заканчэння вучобы быў накіраваны ў Маскву, дзе і застаўся жыць. Пасля атрымання ў 1946 годзе дыплома Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Гарадзецкі стаў працаваць інжынерам-даследчыкам у НДІ артылерыйскага ўзбраення.

Па прыездзе ў Маскву ён даведаўся, што ўжо пасля пачатку вайны яму прысвоілі разрад кандыдата ў майстры спорту. У 1952 годзе Гарадзецкі стаў майстрам спорту, а пасля перамогі ў чэмпіянаце СССР па рускіх шашках 1961 года – адным з першых савецкіх гросмайстраў. Таксама на яго рахунку серабро (1962) і бронза (1960) Усесаюзных пяршынстваў. Гарадзецкі тройчы перамагаў у чэмпіянатах РСФСР (1950, 1952, 1953).

З групы vk.com «Москва: Мир шашек»

Веніямін Барысавіч быў вялікім папулярызатарам шашак. Ён напісаў 15 кніг, наклад якіх складае 649 000 (!) асобнікаў. Некалькі з іх выйшлі ў беларускіх выдавецтвах. Гарадзецкі рэдагаваў шашачныя аддзелы ў СМІ, у тым ліку больш за 20 гадоў – у газеце «Советская Белоруссия».

Пражыў Веніямін Гарадзецкі 95 гадоў. Ён памёр 9 лістапада 2014 года ў Маскве. Пахаваны на Малахаўскіх яўрэйскіх могілках. 



Report Page