Праца Ізраіля Бельскага ў Мінскім Палацы піянераў

Праца Ізраіля Бельскага ў Мінскім Палацы піянераў

Віталь Аніська

Мінскі Палац піянераў і акцябрат адкрыўся 29 верасня 1936 года на рагу вуліц Кірава і Энгельса. Кіраўніком шашачнага гуртка стаў адзіны на той час у Беларусі майстар спорту Ілля Гардон.

Палац піянераў перад адкрыццём

З вайны Гардон не вярнуўся, і ў 1946 годзе гурток стаў весці Аркадзь Ракітніцкі. Але пасля пяці гадоў працы ён сыйшоў. Выкладаць шашкі прапанавалі Ізраілю Бельскаму, выхаванцу Іллі Гардона. Вось як ён сам успамінаў пра гэта: “Сустрэў мяне Аба Шагаловіч, з якім да вайны мы займаліся ў Палацы піянераў, і расказаў, што Аркадзь Ракітніцкі пакідае працу ў шашачным гуртку. Мне прапанавалі весці шашкі, і я працаваў на працягу 16 гадоў”.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца дакументы Мінскага Палаца піянераў і школьнікаў з 1945 па 1960 гады. Яны не ахопліваюць увесь перыяд працы Ізраіля Бельскага, але цікавага ў іх хапае.

Прыняты на працу Ізраіль Самойлавіч быў 13 кастрычніка 1951 года.

НАРБ, ф. 1076, воп. 1, спр. 32, арк. 97

Бельскі праводзіў заняткі ў трох групах па два разы на тыдзень. Колькасць дзяцей вагалася ад 45 да 60. Нейкі час адну з груп ён вёў у дзіцячым доме. З восені 1954 года шашачнаму і шахматнаму гурткам дазволілі ў групах больш моцных вучняў (1-3 разрады) праводзіць тры заняткі замест двух.

На зімніх канікулах у Палацы піянераў праходзіў традыцыйны турнір гарадоў Беларусі. Усе выдаткі каманд, акрамя праезду, браў на сябе Палац. На вясенніх канікулах праводзіліся спаборніцтвы школ горада на прыз газеты “Зорька”. Таксама адбываліся класіфікацыйныя турніры, матчавыя сустрэчы з мінскімі ВНУ, выезды на таварыскія матчы ў Бабруйск, Маладзечна, Барысаў, Вільнюс, Талін. Некаторыя каманды прыязджалі ў Мінск са зваротным візітам. Праводзіліся конкурсы рашэння задач і эцюдаў, на сеансы адначасовай гульні запрашаліся вядомыя шашысты.

Першыя гады ў адміністрацыі ўстановы было шмат прэтэнзій да Ізраіля Бельскага па дысцыпліне дзяцей на занятках, наяўнасці вучэбных планаў і запаўненню журналаў (зрэшты, заўвагі былі і да іншых выкладчыкаў). Звязвалася гэта з адсутнасцю ў яго педагагічных навыкаў. Так, з года ў год адзначалася адсутнасць у дзяцей на занятках піянерскіх гальштукаў. Палац піянераў усё ж.

Даходзіла да абсурду: “На обложке написано – журнал планіравання і уліку гуртковой работы, нужно было написать шашечного кружка, а написано – шашечный кружок. Я не думаю, что т. Бельский неграмотный человек, но совершенно невнимательный”. Ці, напрыклад, такая заўвага правяраючага:Руководитель не следит за тем, чтобы дети не оставались на занятиях сверх положенного времени. И часто можно наблюдать, что в комнате занимаются дети различных групп”. Які сапраўдны трэнер будзе выганяць з заняткаў вучняў, якія яшчэ хочуць пазаймацца ці пагуляць?

Зразумела, што для кіраўніцтва Палаца піянераў галоўнымі былі парадак на занятках, наведвальнасць, вучэбныя планы і т.п. А Ізраіль Бельскі проста вучыў дзяцей гуляць у шашкі, мала звяртаючы ўвагу на такія фармальнасці. А гэта ў яго атрымлівалася выдатна. Вучні паказвалі добрыя вынікі не толькі на гарадскім і рэспубліканскім узроўнях, але і на саюзным. Самым сваім вялікім дасягненнем сам Ізраіль Самойлавіч лічыў перамогу юнацкай зборнай БССР, якая складалася толькі з яго выхаванцаў, у камандным першынстве Савецкага Саюза ў 1956 годзе.

З цягам часу прэтэнзій да Бельскага станавілася менш. Адзначалася, што ён шмат увагі надае школам: дапамагае арганізоўваць гурткі, кансультуе піянераў і важатых, праводзіць спаборніцтвы. Ставілася ў заслугу, што ў шашыстаў і шахматыстаў ёсць калектыў, што ў турнірах яны змагаюцца за гонар Палаца. Дарэчы, нярэдка Ізраіль Бельскі падмяняў Абу Шагаловіча, калі той з’язджаў на спаборніцтвы, і вёў заняткі па шахматах.

Цікавым педагагічным метадам стала правядзенне старэйшымі вучнямі заняткаў з малодшымі групамі. Некаторыя з іх арганізоўвалі гурткі ў сваіх школах, праводзілі турніры. Так, будучы чэмпіён Беларусі Віктар Прыяткін вёў гурток у 3-й школе.  

Нешта незразумелае адбылося ў канцы 1959 года. 29 лістапада Ізраіля Бельскага вызвалілі ад працы згодна з яго заявай. Але ўжо 3 снежня зноў залічылі кіраўніком шашачнага гуртка. Ці сапраўды ён вырашыў сыйсці, а потым перадумаў, ці гэта было зроблена па іншых прычынах?

Захаваліся вучэбныя планы працы шашачных гурткоў на 1959/60 навучальны год. Першыя два сканы – план пачатковых груп, наступныя два – групы мацнейшых вучняў.

НАРБ, ф. 1076, воп. 1, спр. 110, арк. 1-4

Пасля заканчэння навучальнага года кіраўнікі гурткоў пісалі справаздачы аб праведзенай працы. Захавалася такая, напісаная рукою Ізраіля Бельскага, за 1958/59 н.г.

НАРБ, ф. 1076, воп. 1, спр. 102, арк. 92

Па выніках навучальнага года аб’яўляліся падзякі лепшым вучням кожнага гуртка. Сярод такіх шашачнага сустракаецца шмат знаёмых прозвішчаў:

1951/52 н.г. – Леанід Мадорскі, Марк Гелер, Артур Вашкевіч (усе – СШ № 42, 7 клас).

1954/55 н.г. – Марат (ужо так) Гелер, Яўген Фактаровіч (абодва – СШ № 42, 10 клас), Таццяна Коган (СШ № 21, 7 клас), Міхаіл Лапіцкі (СШ № 24, 4 клас), Святлана Кроль (СШ № 33, 3 клас).

1955/56 н.г. – Віктар Прыяткін (СШ № 3, 9 клас), Уладзімір Дабравольскі (СШ № 4, 4 клас), Вячаслаў Палянскі (СШ № 5, 8 клас), Станіслаў Гурскі (СШ № 13, 9 клас), Таццяна Коган (СШ № 21, 8 клас), Барыс Сагальчык (СШ № 49, 3 клас).

1957/58 н.г. – Алег Коган, Сямён Марынаў (абодва – СШ № 50, 4 кл.), Алена Соркіна (СШ № 21, 6 клас).

1958/59 н.г. – Алег Коган (СШ № 50, 5 кл.), Алена Соркіна (СШ № 21, 7 клас), Барыс Клябанаў (СШ № 33, 10 клас), Дзмітрый Сухарукаў (СШ № 41, 3 клас), Леанід Камлюк (СШ № 48, 6 клас), Ілля Гольдман (СШ № 36, 8 клас).

1959/60 н.г. – Алег Коган (СШ № 50, 6 кл.), Анатоль Бадняцкі (СШ № 5, 5 клас), Міхаіл Шэрашэўскі (СШ № 2, 3 клас).

На занятках гуртка (з архіва Міхаіла Бельскага)

Ізраіль Бельскі пра свае заняткі ў гуртку Іллі Гардона ўспамінаў так: “Мы захапіліся гульнёй і з нецярпеннем чакалі, калі настане дзень заняткаў. Гулялі з вялікім азартам, цікавасцю. Ілля Сямёнавіч раскрываў нам такія таямніцы шашачнай гульні, што не хацелася ісці дадому”. І калі цяпер чытаеш успаміны вучняў самога Ізраіля Самойлавіча, то разумееш, што на сваіх занятках ён імкнуўся стварыць атмасферу, якую памятаў па гуртку Гардона. І гэта ў яго атрымлівалася.

Крыніцы: НАРБ (фонд 1076), матэрыял В.Шкляра да 90-годдзя Ізраіля Бельскага ў часопісе “Мишпоха”, артыкул В.Рубінчыка ў "Мы яшчэ тут!" № 35, 2008 год.

Report Page