Не Сямён, а Саламон. Новае пра Борака

Не Сямён, а Саламон. Новае пра Борака

Віталь Аніська

У жніўні я распавядаў пра чэмпіёна СССР сярод школьнікаў і прызёра першынства Беларусі 1938 года Сёму Борака. Менавіта так, у скарочаным варыянце, пісалі яго імя ў газетах. У артыкуле я Борака называў Сямёнам, думаючы, што поўнае імя менавіта такое. Але, як паказала вывучэнне дакументаў з фонда Белдзяржуніверсітэта ў Нацыянальным архіве, звалі Борака Саламонам.

Увогуле асоба Борака была раней амаль невядомая. Пра яго (пры такіх дасягненнях) чамусьці не напісалі ў кнізе «Шашкі ў БССР» Ракітніцкі і Шавель. Хоць там успамінаюцца ўсе больш-менш відныя даваенныя беларускія шашысты. Адным сказам узгадвае Борака яго сучаснік Гарадзецкі ў сваёй «Рамантыцы шашак». Прыйшоў час вярнуць забытае імя.

Саламон Лейзаравіч (Лазаравіч) Борак нарадзіўся ў Мінску ў студзені 1921 года. У 1938 годзе закончыў СШ № 45.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 551, арк. 4

Працягваць адукацыю ён вырашыў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, куды напісаў заяву на залічэнне на фізіка-матэматычны факультэт.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 551, арк. 1

Як бачым, жыў Борак тады на вуліцы Вызвалення, д.7, гэта ў двух кроках ад будынку сінагогі Зальцмана, дзе цяпер месціцца СДзЮШАР па шахматах і шашках. Да заявы ён прыклаў аўтабіяграфію, у якой падрабязна напісаў пра свае дасягненні ў шашках.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 551, арк. 2

Магчыма, Борак спадзяваўся, што як чэмпіёна СССР сярод школьнікаў яго вызваляць ад уступных іспытаў, але здаваць іх прыйшлося.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 551, арк. 5

21 жніўня 1938 года Борак быў залічаны на першы курс фізіка-матэматычнага факультэта. Цікава, што на той жа факультэт быў прыняты яшчэ адзін мінскі шашыст – другакатэгорнік Аляксандр Шумахер. А на курс старэй за іх у групе матэматыкаў вучыўся бабруйчанін Беньямін (потым ён стаў Веніямінам) Гарадзецкі, яшчэ адзін чэмпіён Савецкага Саюза сярод школьнікаў, толькі 1936 года. Але вучылася гэтая тройка разам нядоўга. 21 студзеня 1939 года Саламон Борак піша заяву на імя дырэктара БДУ з просьбай аб пераводзе на хімічны факультэт.

НАРБ, ф. 205, воп. 4, спр. 551, арк. 7

Тлумачыць ён гэта тым, што не мае ніякага інтарэсу займацца на фізмаце. Таксама Борак піша, што некалькі дзён таму памёр яго бацька. Рэзалюцыя была накладзена станоўчая, і ўжо праз чатыры дні Саламона пераводзяць на хімфак. Там ён і вучыўся да чэрвеня 1941 года. Вядома, што ў 1940/1941 навучальным годзе трэцякурснік Борак атрымліваў стыпендыю ў 100-працэнтным памеры.

Падчас вучобы ва ўніверсітэт прыходзілі лісты з просьбай вызваліць Борака ад заняткаў у сувязі з удзелам у спаборніцтвах. У канцы 1938 года яго адпусцілі на Усесаюзнае першынство ДСТ «Навука» ў Маскву. У снежні 1939-га вызвалялі на 12 дзён для ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі.

22 чэрвеня пачался Вялікая Айчынная вайна. Трохі інфармацыі пра ўдзел у ёй Саламона Борака ёсць на сайце «Памяць народа». Ён быў прызваны ў армію ў лістападзе 1941 года, да 1942 года служыў на Крымскім фронце. У 1960 годзе ў часопісе «Шашкі» І.Качэраў напісаў, што падчас вайны Борак загінуў. 

Report Page