86 % удзельнікаў даследавання, якія жылі ў Польшчы, заявілі, што пакінулі радзіму праз страх перад дзеяннямі беларускіх уладаў. Большасць апытаных складалі маладыя і добра адукаваныя людзі, якія шукалі бяспекі. Для паловы з іх Польшча стала краінай з лепшымі ўмовамі для паўсядзённага жыцця. 45 % апытаных планавалі застацца тут назаўсёды.

Читайте "Першы" в:

Палітычная і грамадская сітуацыя за ўсходняй мяжой Польшчы прымушае многіх грамадзян Беларусі пакідаць свае дамы. Хаця ў апошнія гады ўвага грамадскасці была засяроджаная пераважна на ўцекачах з Украіны, прыток мігрантаў з Беларусі таксама стаў важнай часткай грамадскага ландшафту краіны.

Даследаванне, праведзенае агенцтвам ARC Rynek i Opinia на замову Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага, паказвае, хто гэтыя людзі, чаму яны пераехалі ў Польшчу і як бачаць сваю будучыню.

Даследаванне праводзілася з 16 мая да 1 чэрвеня 2023 года. У анлайн-апытанні прынялі ўдзел 1299 паўналетніх грамадзян Беларусі, якія ў той час знаходзіліся ў Польшчы. Спасылкі на анкеты распаўсюджвалі праз беларускія грамадскія, культурныя, моладзевыя і навуковыя арганізацыі. Таму атрыманыя вынікі дазваляюць зразумець погляды і планы ўдзельнікаў апытання, але не адлюстроўваюць меркаванне ўсіх беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Вынікі сведчаць, што сярод апытаных было шмат беларусаў з выразнымі палітычнымі поглядамі, якія не прымалі тагачасны дзяржаўны лад у сваёй краіне.

Прычыны эміграцыі: страх перад рэпрэсіямі і адток спецыялістаў з ІТ-сферы

Галоўнай прычынай ад’езду з Беларусі апытаныя назвалі непасрэдны страх перад рэпрэсіямі, пакараннямі і пераследам з боку дзяржаўных органаў за палітычныя погляды. Пра гэта заявілі 86 % удзельнікаў даследавання.

Адказы рэспандэнтаў паказваюць, што рашэнне з’ехаць часта прымалася пасля ўдзелу ў мірных пратэстах, затрыманняў блізкіх людзей або допытаў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Польшчу гэтыя людзі выбіралі як краіну, дзе маглі разлічваць на асабістую свабоду і прававую бяспеку.

Другой важнай прычынай пераезду сталі эканамічныя і прафесійныя магчымасці. Палова апытаных беларусаў лічыла, што ў Польшчы ўмовы жыцця лепшыя, чым на радзіме.

Кожны пяты рэспандэнт адзначыў магчымасць знайсці больш высокааплатную працу або пасаду, якая адпавядае яго кваліфікацыі.

Асабліва выразна гэтая тэндэнцыя праявілася ў ІТ-сферы. У свабодных каментарах некаторыя рэспандэнты згадвалі пераезд у Польшчу цэлых ІТ-кампаній, страту замежных кантрактаў і праблемы з атрыманнем выплат пасля ўвядзення міжнародных эканамічных санкцый.

Нацыянальная шдэнтычнасць

Нацыянальная ідэнтычнасць: становішча беларускай мовы і адносіны да Расіі

Моўнае пытанне застаецца важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх мігрантаў. Пры гэтым паміж іх поглядамі і штодзённай моўнай практыкай існуе прыкметная розніца.

Больш за палову апытаных, 52 %, выступалі за тое, каб беларуская мова як мага хутчэй стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі.

Яшчэ 34 % лічылі, што руская мова можа часова захоўваць афіцыйны статус, пакуль грамадства не навучыцца паўнавартасна карыстацца беларускай мовай.

Адначасова 58 % рэспандэнтаў раслі ў сем’ях, дзе размаўлялі выключна па-руску. Цяпер, ужо ў Польшчы, у іх паўсядзённых зносінах пераважае руская мова або спалучэнне рускай і беларускай моў.

Большасць апытаных беларускіх мігрантаў негатыўна ставіліся да Расійскай Федэрацыі і яе палітыкі ў кантэксце вайны.

82 % апытаных не пагадзіліся са сцвярджэннем, што беларусы і расіяне з’яўляюцца найбліжэйшымі народамі. У асобным пытанні большасць рэспандэнтаў таксама адзначыла, што беларусы культурна бліжэйшыя да палякаў і літоўцаў, чым да расіян.

98 % удзельнікаў даследавання лічылі Украіну ахвярай расійскай ваеннай агрэсіі. Яшчэ 73 % пагадзіліся са сцвярджэннем, што Беларусь, даўшы сваю тэрыторыю ў распараджэнне расійскіх войскаў, фактычна ўступіла ў вайну супраць Украіны на баку Расіі.

70 % рэспандэнтаў таксама лічылі, што грамадзяне Расіі, якія падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна, нясуць частку адказнасці за дзеянні расійскіх уладаў.

Будучыня беларусау у Польшчы

Будучыня беларусаў у Польшчы: планы і адносіны з іншымі мігрантамі

Планы ўдзельнікаў даследавання на будучыню часткова паказваюць, наколькі трывала яны звязвалі сваё жыццё з Польшчай.

45 % удзельнікаў даследавання хацелі застацца ў Польшчы назаўсёды. Яшчэ 22 % планавалі вярнуцца ў Беларусь толькі пасля таго, як там зменіцца палітычная сітуацыя.

Больш за чвэрць апытаных, 28 %, на момант даследавання яшчэ не прынялі канчатковага рашэння наконт сваёй будучыні.

89 % беларускіх мігрантаў заявілі, што ведаюць польскую мову прынамсі на пачатковым узроўні. Веданне мовы можа палягчаць ім паўсядзённае жыццё і інтэграцыю ў польскае грамадства.

Падчас даследавання беларусы таксама расказвалі пра сваё становішча ў параўнанні з уцекачамі з Украіны.

Некаторыя ўдзельнікі апытання адзначалі, што, на іх думку, польскія дзяржаўныя ўстановы ставяцца да беларусаў горш, а іх доступ да сістэмнай дапамогі і розных палёгак больш абмежаваны, чым у грамадзян Украіны.

20 % рэспандэнтаў лічылі, што ўкраінцы ставяцца да беларусаў непрыязна. Пры гэтым у свабодных каментарах некаторыя ўдзельнікі даследавання расказвалі пра асабісты досвед негатыўнага стаўлення або дыскрымінацыі з боку ўкраінцаў у Польшчы.

Гэтыя адказы паказваюць, што, нягледзячы на агульнае негатыўнае стаўленне да палітыкі Расіі, частка беларускіх мігрантаў адчувала пэўную напружанасць у адносінах з іншымі групамі мігрантаў у Польшчы.

А таксама мы пісалі: Інтэграцыя і добрае веданне мовы. Як беларусы ўладкоўваюцца ў Польшчы

Чытайце таксама: Палякі ўсё халадней ставяцца да ўсходніх суседзяў? Беларусам шкодзіць вайна ва Украіне