Даследаванне праводзілася з красавіка па чэрвень 2025 года. У ім узялі ўдзел 750 паўналетніх грамадзян Беларусі, якія жылі ў сямі польскіх ваяводствах.
Грамадзяне Беларусі цяпер з’яўляюцца другой па колькасці групай замежнікаў, якія маюць дакументы на пражыванне ў Польшчы. Большую групу складаюць толькі грамадзяне Украіны. Паводле статыстычных даных, у верасні 2025 года сапраўдныя дакументы, што дазваляюць жыць у краіне, мелі амаль 146 тысяч грамадзян Беларусі. Гэта амаль у дзевяць разоў больш, чым у 2020 годзе, калі такіх людзей налічвалася каля 16 тысяч.
Новая справаздача, падрыхтаваная Дэпартаментам статыстыкі Нацыянальнага банка Польшчы, апісвае, як удзельнікі даследавання інтэгруюцца ў польскае грамадства, якую маюць адукацыю, дзе працуюць і ў якіх умовах жывуць.
Важнай часткай гэтай карціны застаюцца прычыны пераезду. 56% рэспандэнтаў назвалі сярод прычын выезду палітычную сітуацыю ў Беларусі і страх перад рэпрэсіямі. Гэта сведчыць, што значная частка беларускай міграцыі пасля 2020 года была звязаная не толькі з эканамічнымі абставінамі, але і з палітычным пераследам.

Хуткая інтэграцыя. Беларусам дапамагае веданне польскай мовы
Вынікі даследавання паказваюць, што большасць апытаных не сутыкаецца ў паўсядзённым жыцці з сур’ёзнымі моўнымі бар’ерамі. 63% рэспандэнтаў заявілі, што добра або свабодна валодаюць польскай мовай. Толькі 1% прызнаўся, што ўвогуле яе не ведае.
Паводле гэтага паказчыка ўдзельнікі даследавання з Беларусі апярэдзілі апытаных уцекачоў з Украіны. Сярод іх пра добрае або свабоднае валоданне польскай мовай паведамілі 53%.
На ўзровень ведання мовы магло паўплываць і тое, што 28% удзельнікаў даследавання мелі Карту паляка або польскае грамадзянства. Гэта часта азначае, што яшчэ да пераезду яны мелі сувязь з польскай мовай і культурай.
Дзеці ўдзельнікаў даследавання таксама адносна добра адаптуюцца да новага асяроддзя. Амаль 42% бацькоў заявілі, што іх дзеці не маюць у Польшчы ніякіх цяжкасцяў.
У іншых сем’ях сярод галоўных праблем называлі адсутнасць сяброў і недастатковае веданне польскай мовы, асабліва ў першы час пасля пераезду.
Даходы ад працы складалі 93% усіх даходаў, якія задэкларавалі хатнія гаспадаркі ўдзельнікаў даследавання. Выплаты паводле праграмы 800+ складалі каля 5% іх бюджэтаў. Пры гэтым гэтыя даныя не дазваляюць ацаніць, як часта апытаныя карысталіся сацыяльнымі выплатамі, бо справаздача паказвае толькі долю розных крыніц у агульных даходах, а не колькасць атрымальнікаў дапамогі.

Стабільная занятасць і высокая кваліфікацыя на рынку працы
Беларусы, якія жывуць у Польшчы, маюць даволі высокі ўзровень адукацыі. Дыплом аб вышэйшай адукацыі быў у 62% апытаных.
Высокай была і іх працоўная актыўнасць. Працавалі 87% рэспандэнтаў, але пастаянную наёмную працу ў Польшчы мелі 57% удзельнікаў даследавання. Астатнія вялі ўласную справу, працавалі сезонна або часова, дыстанцыйна супрацоўнічалі з замежнымі кампаніямі ці мелі іншыя формы занятасці.
Узровень эканамічнай актыўнасці сярод удзельнікаў даследавання складаў 95%. Уласную прадпрымальніцкую дзейнасць у Польшчы вялі 14% усіх апытаных.
На рынку працы таксама заўважная выразная галіновая спецыялізацыя. У ІТ-сектары працавалі 17% занятых удзельнікаў даследавання. Для параўнання, ва ўсёй польскай эканоміцы доля занятых у гэтай сферы складае каля 3%.
Найбольшыя даходы дэкларавалі спецыялісты тэхналагічнага сектара і людзі, занятыя ў ахове здароўя. Палова апытаных, якія працавалі ў ІТ, зарабляла больш за 10 тысяч злотых чыстымі за месяц.
Мужчыны часцей працавалі ў ІТ, транспарце і будаўніцтве. Жанчыны часцей былі занятыя ў адукацыі, культуры і ахове здароўя. У гэтых сферах добрае валоданне польскай мовай можа мець асабліва вялікае значэнне.
Акрамя мовы і працы, важным паказчыкам інтэграцыі з’яўляюцца доўгатэрміновыя планы мігрантаў. Больш за 67% апытаных беларусаў заявілі, што хочуць застацца ў Польшчы назаўсёды або прынамсі больш чым на адзін год.
Каб інтэграцыя праходзіла хутчэй і прасцей, мігранты чакаюць канкрэтных зменаў з боку польскай адміністрацыі. Найчасцей яны называюць далейшае спрашчэнне правілаў легалізацыі знаходжання, пра гэта заявілі 38% апытаных.
Яшчэ 36% лічаць важным бясплатны доступ да медыцынскай дапамогі, 35% выступаюць за арганізацыю моўных курсаў, а 31% чакаюць спрашчэння працэдуры прызнання замежных дыпломаў.
А таксама мы пісалі, што дети из Беларуси в польских школах. Как выглядит интеграция в новой реальности

