Першы Усебеларускі турнір па стаклетачных шашках

Першы Усебеларускі турнір па стаклетачных шашках

Віталь Аніська

3 лістапада спаўняецца 70 гадоў з пачатку першага Усебеларускага турніру па стаклетачных шашках. Успомнім, як ён праходзіў, і хто перамог.

Стаклетачныя шашкі ў Савецкім Саюзе пачалі развівацца ў сярэдзіне 1930-х гадоў. У Маскве, Харкаве, Ленінградзе і іншых гарадах арганізоўваліся гурткі па іх вывучэнню, праводзіліся матчы і турніры. Пра БССР такой інфармацыі пакуль не знойдзена. Таксама невядома, ці гулялі ў стаклетачныя шашкі ў Заходняй Беларусі, якая з сакавіка 1921 года да верасня 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны да развіцця стаклетачных шашак вярнуліся толькі ў 1953 годзе, у канцы якога прайшоў Усесаюзны трэніровачны турнір. Адборачнымі да яго сталі спаборніцтвы, якія адбыліся ў беларускай, латвійскай, расійскай, узбекскай і ўкраінскай рэспубліках.

Першы Усебеларускі турнір па стаклетачных шашках прайшоў з 3 па 19 лістапада ў Мінску ў малой зале спартыўнага клуба ДСТ «Іскра». Згодна з палажэннем да ўдзелу персанальна дапускаліся кандыдаты ў майстры спорту і пераможцы адборачных турніраў гарадоў, у якіх было не менш за чатыры першаразраднікі – Мінска, Гомеля, Магілёва і Бабруйска. Праўда, прадстаўнік апошняга на спаборніцтвы не прыехаў. Турнір сабраў 11 удзельнікаў. Гомель прадстаўляў Марат Бейлін, Магілёў – Барыс Красніцкі. Ленінградзец Сяргей Маншын, які тады служыў у Беларусі, выступаў за Баранавічы. Астатнія ўдзельнікі былі мінчанамі: чэмпіёны Беларусі па рускіх шашках розных гадоў Барыс Берлінкоў, Дзяніс Гардзевіч і Аркадзь Ракітніцкі, прызёры рэспубліканскіх пяршынстваў Ізраіль Бельскі і Сямён Рудэрман, маладыя першаразраднікі Іван Сцяпанаў, Іосіф Райхлін і Давід Бержэц. Апошняга ўключылі з трэцяга тура замест гамяльчаніна Мацвея Рабіновіча, які па нейкай прычыне не змог прыехаць. Не гуляў Макс Шавель, які толькі 30 кастрычніка вярнуўся з паўфінала першынства СССР па рускіх шашках.

У Нацыянальным архіве захаваліся партыі турніру. Не ўсе з іх можна разабраць з-за памылак у запісе. Пакідала жадаць лепшага і якасць гульні – шмат простых камбінацый, грубых праглядаў, недакладнасцяў у эндшпілі. Але гэта было нядзіўна для дэбютнага па гэтым відзе шашак турніру ці не для ўсіх яго ўдзельнікаў. Верагодна, паўплываў і нязвыкла жорсткі кантроль часу – адна гадзіна на кожныя 25 хадоў. У рускіх шашках гадзіна давалася на 15 хадоў. Галоўным суддзёй быў Абрам Сагаловіч.

«Фізкультурнік Беларусі» 1953 год № 93

Турнір прайшоў у цікавай барацьбе: ніводзін з удзельнікаў не абышоўся без паражэнняў, пастаянна мяняліся лідары. Так, на экватары турніру наперадзе ішлі Ракітніцкі, Маншын і Бельскі, але на фінішы двое апошніх не трапілі нават у пяцёрку лепшых. Перад апошнім турам лідзіраваў Ракітніцкі – 6 ачкоў, за ім ішлі Рудэрман, Сцяпанаў і Гардзевіч – па 5,5 ачкоў. Але ў заключным туры Ракітніцкі ў адзін ход прайграў шашку Берлінкову, які ў далейшым, нягледзячы на не вельмі дакладную гульню, давёў партыю да перамогі.

У гэтай пазіцыі Ракітніцкі пайшоў 1. 31-26?? Невытлумачальная памылка, якая вырашыла лёс першага месца.

Рудэрман у напружанай партыі перамог Гардзевіча, які памыліўся ў цэйтноце. Выйграў і Сцяпанаў. Такім чынам, першае месца падзялілі першакурснік Беларускага лесатэхнічнага інстытута 18-гадовы Сямён Рудэрман і студэнт пятага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 21-гадовы Іван Сцяпанаў.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 567, арк. 187

Што цікава, Рудэрман быў адзіным удзельнікам турніру, хто запісваў партыі пры дапамозе натацыі для рускіх шашак. Вось, напрыклад, бланк яго партыі са Сцяпанавым.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 567, арк. 249

Як пісаў вышэй, камбінацый у турніры было шмат, але ў асноўным у 1-2 хады. Сустракаліся і больш складаныя.

Сцяпанаў – Маншын, 2 тур. Ход чорных.

1. … 13-18 2. 22:13 9:29 3. 33:35 26-31х

Красніцкі – Маншын, 4 тур. Ход чорных

1. … 17-21! 2. 26:28 18-22! 3. 27:18 12:32 4. 38:27 19-23 5. 29:18 24-30х

Бержэц – Гардзевіч, 8 тур. Ход белых.

1. 27-21! 16:36 2. 28-22 17:37 3. 42:31 36:27 4. 38-32 27:29 5. 34:05. Гардзевіч адразу злавіў дамку і без шашкі зрабіў нічыю.

У далейшым абодва пераможцы зрабілі добрую навуковую кар’еру. Іван Сцяпанаў стаў прафесарам Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доўгі час быў загадчыкам кафедры філасофіі. Сямён Рудэрман доктарам тэхнічных навук стаў у 1973 годзе, прафесарам Уфімскага дзяржаўнага авіяцыйнага тэхнічнага ўніверсітэта – у 1976-м. Памёр ён зусім нядаўна – 25 жніўня 2023 года. Што тычыцца Сцяпанава, то ў 2017 годзе ён быў яшчэ жывы. На жаль, больш звестак пра яго знайсці не ўдалося.

Сямён Рудэрман і Іван Сцяпанаў

У дакладной па выніках турніру галоўны суддзя Сагаловіч асобна адзначыў неэтычныя паводзіны Сцяпанава і прапанаваў не пасылаць яго на Усесаюзныя спаборніцтвы. Дарэчы, якраз 3 лістапада, у дзень пачатку Усебеларускага турніру па стаклетачных шашках, рэспубліканскім спорткамітэтам на Сцяпанава была накладзена ўмоўная дыскваліфікацыя тэрмінам на адзін год за тое, што ён без усялякіх прычын пасля сёмага тура пакінуў фінал першынства Беларусі па рускіх шашках, які праходзіў у верасні 1953 года.

НАРБ, ф. 934, воп. 1, спр. 567, арк. 186

Але, нягледзячы на дыскваліфікацыю і меркаванне Сагаловіча, ва Усесаюзным трэніровачным турніры прыняў удзел усё ж Сцяпанаў. Хаця Уладзімір Шыцік у «Фізкультурніку Беларусі» пісаў, што ў Маскву паездзе Рудэрман. Што стала прычынай яго адмовы, невядома. Магчыма, тое, што Усесаюзны турнір пачынаўся ўжо 23 лістапада. Перамог у ім харкаўчанін Зіновій Цырык. Іван Сцяпанаў стаў толькі 14-м з 16 удзельнікаў.

Ці лічыць Усебеларускі турнір 1953 года першым чэмпіянатам Беларусі па стаклетачных шашках? Мяркую, што не, як не лічацца першымі чэмпіянатамі Усесаюзны і ўкраінскі трэніровачныя турніры 1953 года. Ды і сам Іван Сцяпанаў у зацемцы пра першынство БССР 1954 года ў «Фізкультурніку Беларусі» менавіта яго называў першым. 


Report Page