Барыс Круталевіч: творчая спадчына

Барыс Круталевіч: творчая спадчына

Віталь Аніська

Барыс Круталевіч – адзін з тых, хто закладваў падмурак беларускай шашачнай школы стагоддзе таму. У гэтым артыкуле распавяду пра яго спартыўны шлях і творчую спадчыну, якую пакінуў першы беларускі майстар.

Аркадзь Ракітніцкі пісаў, што адным з удзельнікаў шашачных баталій на Лібава-Роменскай чыгунцы ў Мінску ў дарэвалюцыйны час быў Прохар Круталевіч. Верагодна, ён і навучыў сыноў Барыса і Аляксандра асновам гульні. Сур’ёзна цікавіцца шашкамі Барыс Круталевіч пачаў у 15 гадоў, пасля пераезду ў Маскву. У 1916-1918 гадах ён шмат гуляў з лепшымі ігракамі ў Верхніх гандлёвых радах. Адбывалася гэта звычайна ў Веташным радзе, у лаўцы братоў Варанцовых, сыноў Васіля Сямёнавіча, іграка незвычайнай сілы. Круталевіч даволі ўдала гуляў з Васілём Мядковым, Мікалаем Кукуевым і знакамітым Сяргеем Варанцовым (аднафамілец В. С. Варанцова). Асабліва часта спаборнічаў з апошнім, якога лічыў сваім настаўнікам. Варанцоў тройчы перамагаў ва Усерасійскіх шашачных турнірах – у 1894, 1895 і 1901 гадах.

У верасні 1918 года браты Круталевічы пераехалі ў Мінск. Як пісалі пасля смерці Барыса ў некралозе, у той год ён цяжка захварэў. Падрабязней пра хваробу, якая не дала цалкам раскрыцца яго вялікаму таленту ў шашках, а таксама пра біяграфію Круталевіча-малодшага можна прачытаць у асобным артыкуле.

Праз некалькі гадоў пасля пераезду Круталевічы пачалі развіваць шашкі ў Мінску. У лістападзе 1922 года ў клубе імя Карла Маркса пад кіраўніцтвам аднаго з іх адкрылася шашачная секцыя, у памяшканні якой 15 снежня пачаўся першы афіцыйны турнір на тэрыторыі Беларусі – чэмпіянат Мінска. Яго ўпэўнена выйграў Барыс Круталевіч. У 28 партыях ён зрабіў толькі чатыры нічыі і на два ачкі апярэдзіў старэйшага брата Аляксандра. У партыі супраць Бычкоўскага пераможца правёў прыгожую камбінацыю чорнымі.

1…dc5!! 2. b:d6 hg5! 3. f:h6 ef4 4. g:e5 fg5 5. h:f4 gf6 6. e:g7 c:a5 х

Шашачныя гурткі пачалі адкрывацца і ў іншых клубах горада. Барыс Круталевіч даваў там сеансы адначасовай гульні, удзельнічаў у шахматна-шашачных вечарах.

У маі 1923 года браты Круталевічы наведалі Маскву, дзе ў іх засталося шмат шашачных знаёмых. У знак пашаны да прыезду мінчан 14 мая быў арганізаваны невялікі турнір, у якім прынялі ўдзел мацнейшыя мясцовыя ігракі. Першае месца заняў Мядкоў, другое – Кукуеў. Барыс Круталевіч падзяліў трэцяе месца з Вертманам.

Падчас летніх вакацый Круталевіч быў у Бабруйску і Кіеве. У Бабруйску ён згуляў з Якавам Гордзіным (+11 –1), у Кіеве – з найлепшым украінскім іграком Паўлам Слёзкіным, у якога выйграў усе чатыры партыі.

У верасні Круталевіч зноў наведаў Маскву, дзе сустрэўся з мацнейшымі сталічнымі шашыстамі. 21 верасня ён згуляў матч з С. Варанцовым, саступіўшы з лікам –1 +2 =3. Выйграную партыю Круталевіч лічыў адной са сваіх лепшых. Ён гуляў чорнымі.

1. ab4 ba5 2. gh4 fe5 3. ed4 ab6 4. df6 ge5 5. fg3 bc5 6. ba3 hg7 7. cb2 ef6 8. gf2? hg5! 9. fe3

9. … ef4! 10. ge5 ff2 11. hh8 de7! 12. eg3 ed4 13. ce5 ah4 14. ef6 eg5 15. hc3 (адзіны ход) he1 16. cd4 (зноў адзіны ход) gf4 17. dg1 ba7 18. gd4 cb6 19. df4 de5 і белыя здаліся.

У Маскве мінчанін таксама згуляў з Мядковым (+7 –13 =7) і Кукуевым (+2 –2 =3).

Барыс Круталевіч, як і брат Аляксандр, быў персанальна запрошаны да ўдзелу ў першым чэмпіянаце СССР па рускіх шашках, які пачаўся 26 жніўня 1924 года ў Маскве. І даволі нечакана заняў пятае месца. Свайго настаўніка С. Варанцова ён апярэдзіў на адно ачко. Таксама Круталевіч нашмат перавыканаў майстарскі нарматыў (ён складаў 50% ачкоў) і стаў першым беларускім майстрам па шашках.

Удзельнікі першага чэмпіянату СССР. Барыс Круталевіч стаіць трэці справа ў другім шэрагу ў светлым кіцелі

У чэрвені 1925 года ў Мінску прайшоў першы чэмпіянат Беларусі. Але Барыс Круталевіч удзелу ў ім не прыняў. Верагодна, ён ашчаджаў сілы для другога першынства СССР, якое адбылося ў жніўні 1925 года ў Маскве. У ім Круталевіч пацвердзіў свой высокі ўзровень і зноў стаў пятым. Да трэцяга месца не хапіла ўсяго аднаго ачка.

Гэты чэмпіянат стаў для Круталевіча апошнім турнірам у яго кароткім жыцці. Хвароба прагрэсавала, і пасля саюзнага першынства ён паехаў у Крым, дзе два месяцы лячыўся. Па вяртанні ў Мінск планавалася арганізаваць чэмпіянат горада, у якім упершыню прынялі б удзел адразу тры майстры спорту – Барыс Круталевіч, Ілля Гардон і Барыс Міроцін, які ў той час праходзіў у Мінску вайсковую службу. Але турнір не адбыўся.

Круталевіча яшчэ персанальна запрашалі ў першынство Беларусі 1926 года і трэці чэмпіянат СССР, што прайшоў у кастрычніку 1927 года. Але першы турнір не адбыўся з-за ўведзенай у краіне эканоміі сродкаў, а ў другім Круталевіч не здолеў згуляць па стане здароўя.

Апошнія знойдзеныя прыжыццёвыя згадкі пра Барыса Круталевіча ў беларускіх газетах датуюцца 1926 годам. У студзені ён правёў сеанс у клубе «Чырвоны будаўнік» і неўзабаве стаў весці ў ім гурток. А напрыканцы снежня ў Мінску планаваўся матч на дзесяці дошках паміж мясцовымі шашыстамі і маскоўскімі ігракамі саюзу саўгандальслужачых. Круталевіч быў заяўлены на першую дошку каманды гаспадароў. Ці адбыўся матч – невядома.

21 лютага 1928 года Барыс Круталевіч памёр у Мінску пасля вялікіх пакутаў ад сухотаў лёгкіх і горла ва ўзросце 27 гадоў.  

У некралозе ў газеце «Савецкая Беларусь» шахматыст Антон Касперскі пісаў (арфаграфія захавана): «У бытнасьць маю ў Маскве я цікавіўся поглядамі лепшых ігракоў на будучую шашачную кар’еру пакойнага. С. Варанцоў адзначыў, што ў далейшым ён чакае ад яго вялікіх посьпехаў і ня зьдзівіцца, калі Б. Круталевіч заваюе ганаровую назву чампіёна СССР, бо гэтак разумець так званы “зажым” у шашках, як разумеў пакойны, мала хто можа.

Хвароба перашкодзіла Б. Круталевічу прыняць удзел у чампіянаце СССР 1927 г., і хто ведае, можа ён латва заваяваў-бы чампіёна СССР.

Каму дорага шашачная гульня, той са смуткам будзе ўспамінаць несваячасовую канчыну Б. Круталевіча».

У розных крыніцах знайшоў 20 партый Барыса Круталевіча, паглядзець іх можна па спасылцы. Вядомыя на дадзены момант канцоўкі, эцюды і канчаткі партый Круталевіча сабраў тут. Вось самая прыгожая яго пазіцыя:

1. dc5 de5 2. cd6! ed4 (2. … gf6 3. df4 cd6 4. bc5! db4 5. de3 x) 3. db8 db2 4. bc5! x

Да апошняга часу аўтарства ідэі прыпісвалася Льву Раму («64. Шахматы і шашкі ў рабочым клубе», 1928 год № 24). Але ўпершыню гэта пазіцыя была надрукавана ў шашачным аддзеле газеты «Савецкая Беларусь» ад 28 верасня 1924 года. Звярнуў на гэта ўвагу майстар спорта з Дняпра Анатоль Панчанка.

Аркадзь Ракітніцкі, апублікаваўшы адзін з эцюдаў у кнізе «Шашкі ў БССР», пісаў, што ён знойдзены ў рукапісах Барыса Круталевіча, якія адносяцца прыкладна да 1918 года. Верагодна, яны захоўваліся ў бібліятэцы Аляксандра Круталевіча, якую пасля яго арышту ў 1936 годзе перадала Ракітніцкаму жонка Аляксандра Прохаравіча. Мінскі шашыст Барыс Абрамаў згадваў, што гэтая бібліятэка ў апошнія гады жыцця Ракітніцкага была выкінута на сметнік гаспадыняй кватэры, пакой у якой ён здымаў, падчас канфлікту, што адбыўся паміж імі. Ці будуць знойдзены калісьці рукапісы першага беларускага шашачнага майстра?

Report Page